СЛО́НІМСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і Польшчы. Папярэднікам С.п. было Слонімскае намесніцтва, якое з 1413 уваходзіла ў Трокскае ваяводства. У выніку адм. рэформы 1565—66 С.п. набыў акрэсленыя межы і ўключаны ў Навагрудскае ваяводства. У яго ўвайшлі Слонімскае, Моўчадскае і Здзітаўскае дзярж. староствы і вял. колькасць шляхецкіх маёнткаў, найб. з іх Дзярэчын, Здзяцел (Дзятлава), Ружаны. На тэр. павета знаходзіўся Жыровіцкі Успенскі манастыр. С.п. меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». У 1795 С.п. далучаны да Рас. імперыі і практычна ў тых жа межах уключаны ў Слонімскую губерню; з 12.12.1796 у Літоўскай губерні, з 28.8.1802 у Гродзенскай губерні. Пл. каля 6,3 тыс. кв. вёрст. У 1861—66 утвораны 23 воласці: Боркінская, Быценская, Гічыцкая, Дабромысленская, Дварэцкая, Дзераўноўская, Дзярэчынская, Дзятлаўская, Жыровіцкая, Казлоўская, Кастровіцкая, Косаўская, Курылавіцкая, Люшнеўская, Мар’янская, Міжэвіцкая, Пацаўская, Пескаўская, Раготнаўская, Ружанская, Старавеская, Чамерская, Шылавіцкая. Насельніцтва ў 1878—161,2 тыс. чал. (у т. л. ў Слоніме 15,4 тыс. чал.). Мелася 1035 нас. пунктаў, у т. л. 15 мястэчак (Бусяж, Быцень. Вензавец, Галынка, Дварэц, Дзераўная, Дзярэчын, Азярніца, Жыровічы, Здзітаў, Здзяцел (Дзятлава), Косава, Моўчадзь, Ружаны, Старыя Дзевяткавічы), 534 дробныя паселішчы (менш як па 25 чал.). Апрача Жыровіцкага манастыра, былі 73 царквы, 5 касцёлаў, 30 іудзейскіх малітоўных дамоў і сінагог. У 1897 у С.п. 226,3 тыс. чал., у т. л. ў Слоніме 15,9 тыс. чал. У 1915 тэр. С.п. занята нямецкімі, у пач. 1919 — польскімі войскамі. З 4.2.1921 С.п. у складзе Навагрудскага ваяв. Польшчы. У 1923 падзяляўся на 18 гмін: Быценскую, Дабромысленскую, Дварэцкую, Дзераўноўскую, Дзярэчынскую, Дзятлаўскую, Жыровіцкую, Казлоўшчынскую, Кастровіцкую, Курылавіцкую, Мар’янскую, Міжэвіцкую. Моўчадскую, Пацаўскую, Раготнаўскую, Старавескую, Чамерскую, Шылавіцкую. З 14.11.1939 у складзе БССР, 4.12.1939 увайшоў у Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны. Яго тэрыторыя падзелена паміж Быценскім, Дзятлаўскім, Казлоўшчынскім і Слонімскім р-намі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)